Этнаграфічны “Must read” ад Уладзіміра Лобача

Сябры, распачынаем новую рубрыку на нашым сайце: мы папрасілі вопытных этнографаў скласці сваю асабістую падборку  кніг “абавязковых для прачытання” па этнаграфіі агулам ці па нейкім асобным накірунку.  Дакладных крэтэраў адбору перад аўтарам не ставілася, таму толькі тое, што даследчык на ўласны густ выбраў у асабісты спіс. Думаем, што такія агляды ад спецылістаў будуць  цікавыя і карысныя шырокаму колу зацікаўленых.

Першы ТОП-9 ад Уладзіміра Лобача

 2016_27_Lobach_D

Байбурин, А.К. Ритуал в традиционной культуре: Структурно-семантический анализ восточнославянских обрядов А.К. Байбурин. – СПб.: Наука, 1993.

Лепшае даследаванне рытуальных асноў традыцыйнай культуры. Будзе неабходнай для тых, хто хоча змястоўна разабрацца ў сутнасці і правілах каляндарных і сямейных рытуалаў.

 

Баршчэўскі Ян. Шляхціц Завальня альбо Беларусь у фантастычных апавяданьнях. (у любых выданьнях)

Той, хто не чытаў Баршчэўскага ці знаёмы з ім толькі кавалкамі і ў рамках школьнай праграмы, можа і не спрабаваць чытаць усе наступныя кнігі. Мастацкі твор, багата насычаны фальклорнымі і этнаграфічнымі дэталямі, не проста забаўная чытанка, але ўзор адданасьці дасьледчыка, хай сабе і рамантычнага, сваёй Бацькаўшчыне.

2016_27_Lobach_E

Валодзіна, Т.В. Цела чалавека: слова, міф, рытуал.- Мн.: Тэхналогія, 2009

Выдатнае этналінгвістычнае даследванне, прысвечанае народнай анатоміі і медыцыне як арганічным часткам традыцыйнай культуры беларусаў. Цела чалавека прадстаўлена тут у праекцыі на міфы, павер’і, рытуалы і фальклор беларусаў. Для падрыхтаванага чытача, які ў стане адрозніць локус ад лотаса.

 

Валодзіна Т., Кухаронак Т. “Ядраное жыта гаспадара кліча…” Каляндарны год у абрадах і звычаях. – Мн.: Белнавука., 2015.

Упершыню змястоўна і папулярна каляндарныя святы беларусаў прадстаўлены не Круком і К., але прафесіяналамі. Кніга змяшчае шмат палявых запісаў і шыкоўных фотаздымкаў. Будзе цікавая ўсім, хто цікавіцца народнай культурай.

2016_27_Lobach_F

Лобач У.А. Міф. Прастора. Чалавек. Традыцыйны культурны ландшафт беларусаў у семіятычнай перспектыве. – Мн.: Тэхналогія, 2013.

Пра нашу краіну: лясы, балаты, рэкі, азёры, крыніцы, вёскі, храмы, гарады і шмат чаго іншага, але ў сімвалічным ракурсе. Для тых, хто цікавіцца міфалогіяй прасторы ці сакральнай геаграфіяй.

 

Никифоровский, Н. Я. Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи… Витебской Белоруссии / Н. Я. Никифоровский.- Витебск: Губерн. Типо-Литограф.,1897.

Нажаль, кніга цяжкадаступная і той, хто яе перавыдасьць, стане культурным героем. Аўтар зрабіў сапраўдны пераварот у этнаграфіі і звярнуў увагу не на “звонкія рэчы” (абрады, фальклор), але сімвалічныя паводзіны ў штодзённасьці. Дагэтуль цытуецца ўсімі даследчыкамі, хто займаецца традыцыйнай культурай Усходняй Еўропы.

2016_27_Lobach_G

Міфалогія беларусаў: Энцыкл. слоўн. / склад. І.Клімковіч, В.Аўтушка; навук.рэд. Т.Валодзіна, С.Санько. – Мн.: Беларусь, 2011.

Найлепшае выданне для тых, хто хоча азнаёміцца з Космасам беларускай традыцыі ва ўсіх яго праявах і сімвалічных выяўленьнях. Народная кухня, адзенне, рэчы побыту і прылады працы, прыродны ландшафт, міфалагічныя персанажы і абрады прадстаўлены сотнямі артыкулаў, якія даступныя нават пачаткоўцу.

 

Пяткевіч, Ч. Рэчыцкае Палессе / Уклад., прадм. У. Васілевіча; Пер. з пол. Л. Салавей і У. Васілевіча.- Мн.:”Беларускі кнігазбор”,2004.

Узор дасканалага, удумлівага, дэталёвага этнаграфічнага даследвання, якое не страціла свайго значэння як у навукова-пазнавальным, так і метадычным плане.

 

Элиаде, М. Священное и мирское / Пер. с фр., предисл. и коммент. Н.К.Гарбовского. – М.: Изд-во МГУ, 1994.

Сапраўдны бестсэлер у асяродку міфолагаў. Даступнай мовай патлумачаны базавыя катэгорыі міфалагічнага мыслення: Цэнтр сьвету, сакральнае, прафаннае…

 

2016_27_Lobach_C

 Уладзімір Аляксандравіч ЛОБАЧ (дацэнт кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі, кандыдат гістарычных навук)

У 1994 г. скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, з таго часу выкладае ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. З 1995 г. – адзін з кіраўнікоў палявых этнаграфічных экспедыцый ПДУ на тэрыторыі Паўночнай Беларусі. Даследуе сімвалічна-рытуальныя аспекты беларускай традыцыйнай культуры, народную медыцыну, міфалогію прасторы і сакральную геаграфію Беларускага Падзвіння. Аўтар больш за 70 навуковых артыкулаў па азначанай праблематыцы, вучэбна-метадычных комплексаў “Этнаграфія Беларусі” (2006), “Этналогія” (2009). Адзін з аўтараў энцыклапедычнага слоўніка “Беларуская міфалогія” (2006).