Спевы, строй і вязанне: новы навучальны сезон
СЭТ адкрывае новы навучальны сезон. У 2022-2023 годзе запрашаем на гурткі па традыцыйным спеве, вырабе народнага строя і вязанні. Усе заняткі будуць праходзіць на офісе “Студэнцкага этнаграфічнага таварыства” (вул. Кузьмы Чорнага, 32).
Традыцыйны спеў
Адзіны крытэрый адбору – інтарэс да традыцыйнага спеву і жаданне вучыцца. Вы будзеце шмат спяваць і слухаць архіўныя запісы. Пазнаёміцеся з асаблівасцямі спеву розных рэгіёнаў, розных жанраў і манер выканання. “Падчас навучання будзем шмат спяваць і слухаць. Песні бяседныя, восеньскія, паставыя, вясельныя, калядныя, веснавыя, купальскія, жніўныя з Лепельскага, Лагойскага, Дзятлаўскага, Мсціслаўскага і іншых раёнаў… Пражывём і прапяём год разам” – кажа выкладчыца гуртка, мастачка і спявачка Вольга Дзядовік
Заняткі будуць праходзіць па панядзелках у 18.30. Першы занятак 17 кастрычніка.
Традыцыйны строй
Выкладчык – мастачка і выкладчыца Вольга Дзядовік
Цягам курса адбудзецца знаёмства з структурай і гісторыяй традыцыйна беларускага строя, рэгіянальнымі асаблівасцямі, міфалогіяй і семантыкай. Кожны зможа пашыць сабе строй паводле роднага рэгіёну. Прайсці ўсё этапы: выбар тканін і матэрыялаў, крой, знаёмства з рознымі тэхнікамі вышыўкі і аздаблення, выраб паясоў і галаўных убораў. Першы занятак 13 кастрычніка, далей – раз на тыдзень па чацвяргах у 18.30.
Вязанне
“У праграме навучанне вязанню на прутках і шыдэлкам з “нуля”. Ад простага да складанага. Пачынаем з асноў вязання, далей – вывучэнне розных цікавых прыёмаў і тэхнік. Ну і, натуральна, вязанне шкарпэтак і рукавіц, троху традыцыйнага народнага вязання – скандынаўскага, ірландскага, ісландскага. На заняткі запрашаю таксама ўсіх, хто ўжо вяжа, але хоча навучыцца новаму” – кажа выкладчык курса, майстрыха Вольга Старавойтава
Заняткі будуць адбывацца па пятніцах, першы занятак 14 кастрычніка ў 18.30
Запрашаем!